Новости проекта
Мобильное приложение Schools.by
Переход платформы на новый учебный год!

Сугучча таленту і душы

Дата: 28 декабря 2021 в 11:35, Обновлено 28 декабря 2021 в 11:47
173 просмотра

З кім можна параўнаць настаўніка? Можа, з мастаком, які ператварае чыстае палатно ў шэдэўр, ці з музыкантам, які з дапамогай толькі сямі нот дорыць свету геніяльны твор? А можа, са скульптарам, у руках якога кавалачак гліны стане статуяй, што будзе выклікаць захапленне ў мільёнаў людзей? Несумненна, сапраўдны настаўнік — гэта і мастак, і музыкант, і скульптар, а калі трэба, то і артыст, і пісьменнік, і спявак. А калі ён яшчэ і дырэктар, то хутчэй за ўсё і рэжысёр, і дырыжор, ад узмаху рукі якога зладжана і гарманічна, нібы сімфанічны аркестр, працуе ўвесь настаўніцкі калектыў.

Дырэктар гімназіі № 4  Брэс­та — Алена Васільеўна Шкулепа — з ліку такіх кіраўнікоў. Яна не толькі клапоціцца пра развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, але і з’яўляецца творчым натх­няльнікам для калег, умее арганізаваць работу такім чынам, каб усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу адчувалі сябе ўпэўнена і камфортна, імкнуліся да пастаўленых мэт і абавязкова дасягалі іх. 

Настаўніцкая прафесія для Алены Васіль­еўны — гэта не проста работа, а вялікае служэнне высакароднай справе выхавання новых пакаленняў. З самага дзяцінства яна марыла звязаць жыццё з педагогікай. І зрабіла гэта. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 5 Брэста засталася праца­ваць там важатай. Арганізатарс­кі талент і творчыя здольнасці, развітыя ў народным ансамблі песні і танца “Прыбужжа” і пастаноўках сама­дзейных спектакляў, якія ла­дзіліся ў школьным двары для вучняў, іх бацькоў і жыхароў найбліжэйшых пяціпавярховак, дазволілі спраўляцца на выдатна з першымі крокамі ў прафесіі.

Атрымаўшы вышэйшую адукацыю ў тагачасным Брэсц­кім педагагічным інсты­туце імя А.С.Пушкіна, Алена Васільеўна працавала ў роднай школе ўжо настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Лідарскія задаткі, уменне стварыць вакол сябе каманду дазволілі заняць ёй пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце ў гімназіі № 3, а затым намесніка дырэктара па навукова-метадычнай рабоце ў гімназіі № 5. З 2012 года А.В.Шкулепа паспяхова ўзначальвае гімназію № 4, падтрымліваючы яе даўнія традыцыі па выхаванні не толькі адукаванай, але і эстэтычна, духоўна багатай асобы дзіцяці.

Гэтаму выдатна дапамагаюць 10 творчых калектываў установы, з якіх 3 — узорныя. Ідэя стварэння некаторых з іх (вакальнай студыі “Забаўлянкі”, настаўніцкага інструментальнага квартэта “На кантрасце”) належыць дырэктару.

Высокі мастацкі густ Алены Васільеўны і яе імкненне да прыгожага абу­джаюць гэтае пачуццё і ў вучняў. Пад кіраўніцтвам таленавітага педагога гімназіс­ты ла­дзяць шматлікія літаратурна-музычныя імпрэзы, гасцёўні і тэатральныя пастаноўкі, прысвечаныя творчасці рускіх класікаў, выступаюць з імі на гарадскіх мерапрыемствах, становяцца пераможцамі творчых конкурсаў і фестываляў.

Алена Васільеўна ўмее бачыць вялікія магчымасці ў розных сітуацыях. Яе ўпэўненасць у поспеху прымушае паверыць у свае сілы і іншых, асабліва тых, каму даверана адказная справа. Гэта доб­ра пацвярджае шматгадовае плённае супрацоўніцтва ўстановы з гімназіямі і ліцэямі блізкага і далёкага замежжа ў рэалізацыі сумесных экалагічных праектаў, правядзенні міжнародных анлайн-урокаў англійскай мовы, конкурсаў юных журналістаў, канцэртаў і фестываляў нацыянальных культур.

Алена Васільеўна ўмее знайс­ці падыход да кожнага. У неабходны момант скажа патрэбныя словы, якія не пакрыўдзяць, а прымусяць задумацца над сваімі паводзінамі нядбайнага гімназіста. Не шкадуе пахвалы для тых, хто гэтага заслугоўвае. 

У дырэктара прамяністы, уважлівы позірк, адкрытая ўсмешка. З ёй лёгка і прыемна дзяліцца ідэямі, разумеючы, што абавязкова атрымаеш падтрымку ці карысную параду. Прафесійны падыход да любімай справы, актыў­насць, патрабавальнасць і ўважлівыя адносіны да людзей дапамагаюць Алене Васільеўне падтрым­ліваць у калектыве атмасферу супрацоўніцт­ва, узаемадапамогі і творчага пошуку, выхоўваць адказных і адукаваных грама­дзян, здольных заўважаць прыгожае і ства­раць яго вакол сябе.

Сугучча таленту і душы (" Настаўніцкая газета", 23 студзеня 2021г.)



Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.